Старонка:Pershyja kroki 1925.pdf/7

Гэта старонка не была вычытаная

III.

Са страхам узышоў Міхась на ганак школы і нясьмела ўзяўся за клямку.

У школе яшчэ нікога ня было.

Школьная сьвятліца паказалася Міхасю такою веліччу, такім хараством, што ён стаў пасярэдзіне і ня сьмеў ступіць далей.

Усё тут для яго было нова.

Міхась азірнуўся і кашлянуў. Кожны вугалок падхапіў яго кашаль і панёс па школе доўгім шумам.

Міхась аж спалохаўся.

Аслухаўшыся, ён кашлянуў яшчэ раз, ужо сумыслу, і зноў па школе пайшоў шум. Міхась пасьмялеў. Ён падышоў да печы. Высокая кафляная печ хораша прытулілася да сьцяны, чыста і гладка выбеленай. Міхась павёў па печы рукою, пачуўся легкі сьвіст. Патрошкі страх Міхасёў зусім разьвеяўся, і ён сьмела стаў пазіраць на ўсё, што было ў школе. Недалёка ад печы стаяла чорная дошка на трох нагах. Між дзьвярамі і другою сьцяною прытулілася шафа са шклянымі ўверсе дзьверцамі, за каторымі стаялі кнігі роўненькімі радочкамі. На сьцяне віселі, як прасьцірадлы, карты са стракатымі лапінамі, каторыя, як Міхась пазнаў многа пазьней, азначалі часьці свету, моры, акіяны, усякія губэрні, царствы, вастравы. Над картамі віселі партрэты і ўсякія малюнкі. Большая палавіна школы была застаўлена доўгімі лавамі са скрынкамі. Гэта былі скамейкі, на каторых сядзяць вучні. Пасярэдзіне школы стаяў стол для вучыцеля.

На ганку затупала некалькі ног. Міхась схаваўся за печ. У школу ўваліла цэлая куча хлопцаў, яго