Старонка:Pesni galby 1910.pdf/35

Гэта старонка была вычытаная

Я НЕ ЗНАЮ…
Я не знаю, чым мне дораг
Від палёў благенькіх,
Нудны воклік ў родных горах,—
Вербоў рад крывенькіх.

Лесу гоман, гул нястройны,
Шум лазы ў балоці,
І пудлівы, неспакойны
Шэлест у чароці.

Маё сэрцэ, маё вока
Цягне хвоя тая,
Што у лузе адзінока
Сохне, замірае,

Дуб жарстлівы, дуб высокі,
Ко́лісь поўны сілы,
І той крыжык адзінокі —,
Вартаўнік магілы,

Дзе так сумна ветры веюць,
Точаць дол пешчаны;
Дзе чыесь-то косьці тлеюць
Чый-то прах схаваны…

Я не знаю, я не знаю,
Чым я так прыкуты
Да тваіх, мой родны краю,
Абразоў пакуты.