Старонка:Prapau chalavek 1913.pdf/13

Гэта старонка была вычытаная

7 

Як пайшоў ў суботу з дома —
Тут жэ блізенька сусім —
І німа, і невядома
Дзе ён, бедны, і што з ім.
Хоць бы ведаць, што з ім стала —
Не адхіліш ты бяды —
Жаласьць сэрцэ-б так не рвала,
Менш бы думалось тагды. —
— Эт, галубка, воля Божа,
А было-б усё-ж лягчэй;
А тож ты на цень пахожа,
Ня сьпіш, любая, начэй.

Ад сваей, галубка, сьмерці
Не схаваешся нідзе:
Ўсім нам прыдзе час памерці —
Ў смутку, ў радасці, ў бядзе —
— Так-то так, ды не людзкая
Сьмерць прыклюнулась яму! —
— Ой, мая ты залатая!
Як назначыць Бог каму… —
Тут Агата раз ў двадцаты
Пачынала свой расказ,
Як Яхім выходзіў з хаты,
Як ён выглядзеў ў той раз:
— Стаў ён хмурны, задуменны,
Як бы грэх ў сабе насіў;
Твар зрабіўся, як каменны,
Сам ён нейк азыз, застыў.
А да працы быў ахвочы,
Рук ніколі не складаў;
Зранку біўся аж да ночы,
Ў працу душу ўсю ўкладаў.