Старонка:Prapau chalavek 1913.pdf/16

Гэта старонка не была вычытаная

Ды Тацяну ўняў Сымонка,
Яе дзядзька, і падцяў:
- Каб была ты яго жонка,
Ён даўно-б ўжо маху даў. -
- Мне язык твой ў косьці ўеўся!
Ото дзядзька! Як малы!
Ну, дык дзе-ж бы ён падзеўся? -
- На той сьвет пагнаў валы! -
А тым часам пра Яхіма
Казкі йдуць ўжо па сялу, -
Быццам ў дзеда ён Ахрыма
Сядзеў з люлькай на калу,
Апусьціўшы на плот ногі,
На сяло трос кулаком.
- Ой, ня быць дабра, нябогі:
Гэта пахне пожаром. -
А ў другім канцы насілісь
Чуткі іншые сусім:
Гаварылі і бажылісь,
Што а поўначы Яхім
Ўзлез на даху на званіцу
І званіў ў хаўтурны звон;
Пазваніўшы, шоў ў капліцу
І літаньня правіў ён.
А другім Яхім прысьніўся,
І пра сон той ўсякі знаў,
З хаты ў хату ён насіўся,
Болей страху дадаваў.
Гэты сон прысьніўся Ганні,
Чыё слово мело вес.
- От, здаецца, на зьмерканьні
Мы з Пятрусем едзем ў лес.