Старонка:Prapau chalavek 1913.pdf/17

Гэта старонка была вычытаная

Толькі-ж мы сяло мінаем,
Бачым — ён! Ківае нам.
«Гэто ты, Яхім?» пытаем.
«Я» адказвае, «я сам».
І такі, нябож, ён смутны,
Бледны, змучэны, худы;
Голас ціхі і пакутны:
«Выньце вы мяне з вады
І душэ пакой вы дайце!»
Так і кажэ ён бедак:
«Ды палюдзку пахавайце,
Ў водзе смокчэ мяне рак,
Жвір мне вочы засыпае,
Чараты на мне растуць;
Корч дубовы не пускае,
Лёгшы каменем на грудзь». —
З велькім страхам, заміраньнем
Бабы слухалі той сон;
Не было канца ўздыханьням:
— Ой, пакутнічэк жэ ён! —
Маладзіцы раскрычалісь,
Хлопцаў лаяць началі:
— Не! каб добра пастаралісь,
Ўжо-б даўно яго знайшлі.
А то, падлы, абібокі,
Толькі й звыклі латраваць;
На адно яны ўсе докі:
Ўсякі дзень барышаваць!
Толькі вышлі з-за парога,
Ў карчму зараз і пашлі! —
Адным словам, на нічога
Ўсіх мужчын яны зьвялі!