Старонка:Prapau chalavek 1913.pdf/21

Гэта старонка не была вычытаная

І сама яна не рада,
Што прышла з жанкамі ў норт,
— Плюнь, Аўдоля, ты на гада,
Бо то зводзіць цябе чорт! —
Тут дзяўчыну як прарвала!
Ажно дрыгаюць бакі.
— Тфу, бадай ты не даждала! —
Узлаваліся жанкі.
— Ой, галубкі, не сярдуйце! —
Ды зноў сьмехам залілась.
— От вы з ёю і талкуйце:
А бадай жэ ты спраглась!
І с чаго той сьмех, скажы ты?
Толькі-б зубы выскаляць.
Сьмейся, дзетка, ды глядзі ты,
Будзеш чорта пацешаць. —
Памаленьку міска з віру
Сяк-так выбілась на плёс,
І яе ў чарот, аіры
нёман борздзенька панёс,
Далікатна, асьцярожна,
Дзе павольней, дзе баржджэй,
То адкіке ў зад трывожна,
То ўпярод рване дужэй
І так с сажэнь прамандруе,
Потым зноў нясе стралой.
Нёман цешыцца, жартуе,
Як бы з забаўкай якой,
Ды у букту мчыць з разгона,
Міска верціцца ваўчком;
А жанкі ідуць зьдзіўлёна,
Кінуць слоўка шэпатком: