Старонка:Prapau chalavek 1913.pdf/28

Гэта старонка не была вычытаная

Вышлі з хаты ўсе на поле,
Быў у лесі бацька,
Толькі цэпам біў паволі
Ў гумне Пятрусь дзядзька.
Акалоціць сноп і стане,
Як бацян, на ганку
І скрозь шчылін хітра гляне
Ён на сапежанку.
Ды і хлопцы розум маюць,
Радзяць, як старые,
З вочэк дзядзьку не спускаюць,
Жэўжыкі малые.
Улучыў Алесь часіну,
Торбу ўзяў з сабою,
Прытуліўся, сагнуў сьпіну,
І папоўз мяжою.
Падпаўзе і адпачыне,
Вушы настарожыць,
На гумно ён вока кіне,
Рукі к лбу прыложыць.
Костусь проста замірае,
Просіць шчыра Бога,
Нехай Бог дапамагае
Ашукаць старога!
А Алесь паўзе. Часамі
Скокне, разагнецца.
Костусь есьць яго вачамі,
Сам, як ліст, трасецца.
А Алесь і не шманае:
Толькі цэп пачуе,
Як кот сьпіну выгібае,
Грэчкаю тралюе.