Старонка:Rodnyja zjavy 1914.pdf/109

Гэта старонка не была вычытаная

куды прыехалі начлежнікі, прыпомніў вечар, жарты начлежнікаў, Пятруся—брэхуна. Не без пачуцьця крыўды ўспомніў ён гэтаго самаго шэльму, каторы састроіў кпіны з яго, паказаўшы, як брэшэ яго сучка. А што было далей? Ці то яму сьнілася, ці гаварыў хто з начлежнікаў, — тут Тамаш увесь закалаціўся! І вось што цяпер яму ўспомнілася. Было гэта на начлезі. У адным мейсцы тварылася штось страшнае і няўцешнае. Нейкая сіла (ведама, нячыстая), не давала людзям спаць на гэтым мейсцы. Сядзяць, гаворуць — нічога. А як чуць толькі задрэмлеш, зараз-жа с-пад цябе ляціць к чортавай матары вобраць, шапка, люлька, нават халат здзярэ і закіне так, што ня скора і знайдзеш. Ці не стаўся і ён, Тамаш, ахвярай чортавай сілы?

Тамаш перахрысьціўся—так яму стала страшна—рука яго кранулася чагось мягкаго і сырога; аглянуўся—купіна; яна нібы заварушылася, і на ёй на момэнт бліснуў агоньчык. Шапка ўзнялася, валасы паўставалі на галаве Тамаша, і ён усхапіўся і пусьціўся на уцёкі. Але не прабег Тамаш і дзесяць крокоў, Як уляцеў у нейкую. багну. Тамаш крута павярнуў назад. Лапаць заеўся ў гразь, і нага вылузалася з яго.