Старонка:Rodnyja zjavy 1914.pdf/46

Гэта старонка не была вычытаная

Адгукнуўся.


Ноч была цёмная, ціхая, цёплая. Ні месяца, ні зорак зусім не было відаць… Праўда, ў гэту ноч месяц і не падымаўся; можэ і ён пёк сабе дзе-небудзь пірагі і бабкі к Вялікадню, повярнуўшыся сьпіною к зямлі. А што належыць да зорак, то яны хаця і былі на небі, але пазакрываліся хмарамі. Можэ яны там мыліся ды прычэсываліся — іх дзявочая справа. А ўрэшці ці ня ўсё роўна? Толькі-ж усюды было ціха. І усё пазірала не так, як заўсёды. Неба і земля абняліся у змроку і маўчалі. Калі-не-калі на зямлю спадала колькі капеляк дожджыку. Здавалася, што хмарка не магла стрымацца, каб не шэпярнуць чагось прыемнаго маладой зялёненькай траўцы і маладзенькім лісточкам на дрэвах, каторые ешчэ нясьмела выглядалі с сваіх калысачэк на Божы сьвет.