Старонка:Rodnyja zjavy 1914.pdf/64

Гэта старонка не была вычытаная

гнаць яго з мейсца. Ўсе гэтые думкі і пачуваньня і рабілі тое пекла, што было на душы Максіма.

— І хто-ж бы мог зрабіць гэта? — Максім пералічыў колькі гаспадароў з вёскі, каторые былі ў яго ў вялікім падазрэньні. Але, не злавіўшы, не кажы, што злодзей.

Максім ешчэ раз прышоў на тое мейсцэ, дзе рос ешчэ ўчора прапаўшы дубок. Як дарагі нябошчык, стаяў ён у вачах беднаго лясьніка. Прыкрыўшы камель яловымі лапкамі, Максім памалу пасунуў лесам.

Увесь гэты дзень, цэлы вечар і ноч ня меў Максім супакою. Нават есьці не хацелася яму. Нейкі страх і трывога душылі яго. Кінуцца за весьніцы на дарогу сабакі, забрэшуць на каго, ці так што здаецца іх сабачаму розуму, Максім чуў, як у сярэдзіне ў яго нешта траслося, і яму здавалася, што гэта пэўна ідзе Марцін с каморы ад лясьнічаго з наказам зьявіцца ў кватэру. Але сабакі, пабрэхаўшы, змаўкалі, і патрывожэная ноч ешчэ цяжэй наседала на халодную сырую зямлю, і ешчэ маркотней шумеў над рэчкай аголены лес.