Старонка:Rodnyja zjavy 1914.pdf/67

Гэта старонка была вычытаная

па тэй дарозі, каля каторай стаяў гэты шальмоўскі дубок. Андрэй ня мог стрымацца, каб не даведацца свайго даўнейшаго знаёмаго. Лес быў ужо саўсім бяз лісцьця, і малады дубок выгледаў цяпер ешчэ раўнейшым, ешчэ прыгажэйшым.

— Ах, злодзей! — гаварыў, цешучыся, Андрэй і агледаў дубок.

Ідучы дамоў, Андрэй вылічаў, калі схадней яго сьсеч. Квадра месяца пры гэтым стаяла у Андрэя на першым пляні. Раз колькі дзён будзе маладзік. Ось тады ён і зызьне яго.

Якраз прад Усі Сьвятымі, натачыўшы сякерку, Андрэй шэптаў свайму сыну:

— Запражэш каня і пад’едзеш пад Доўгі Лужок. Я буду там чэкаць цябе. Ды глядзі, калі хто спытае, куды едзеш, кажы — па каноплі.

Андрэй выбраў такіе сьцежкі, дзе-б яго ніхто не спаткаў: асьцярога не пашкодзіць, і ішоў, прыгнуўшы галаву. Аднак чым бліжэй патходзіў ён да лесу, тым большы чуў ён страх. А змрок густы, халодны, няпрыветны, нярухома аблегаў зямлю. Ціха, глуха. Хоць-бы дзе зык чэлаве-