Старонка:Rodnyja zjavy 1914.pdf/74

Гэта старонка не была вычытаная

ешчэ цяжка аблегала зямлю. Толькі што атсьпевалі другіе пеўні, і сяло ўсё ешчэ спала цяжка і глыбока, Андрэй лежаў і тросься — так узбунтаваў яго гэты сон, і такі ён быў ясны, жывы і страшны. Трудна выказаць, што рабілася цяпер на душы у Андрэя. За ўсе тые часы, як ён убачыў гэты пракляты дубок і аж да цяперашней мінуты, Андрэй ні разу не падумаў аб тым, што цяпер яму прыснілася. І ня было прычыны так думаць: ці мала людзі крадуць у лесі? Каб за кожную неўпільнаваную кражу ў лесі выганялі лясьнікоў, то і лясьнікоў ня было-б на сьвеці.

І чаму-ж ён прысьніўся і прысьніўся так ня добра? Цяпер Максім ні на адзін момант ня сходзіў з вачэй Андрэя. Андрэй успомніў, што яны з Максімам калісь сябравалі, разам гадаваліся, разам былі на прызыві і ў адзін год жаніліся, і ўжо потым разышліся, разышліся не з-за якога ліха, а так — проста, разлучыліся; а сходзіліся — кожны з іх мог сьмела паказаць вочы адзін другому. І Андрэй першы раз пачуў, што нейкая сьцена вырасла ў гэту ноч між ім і Максімам. Андрэю было чагось шкода. Чаго? ён і сам ня ведаў.