Старонка:Rodnyja zjavy 1914.pdf/97

Гэта старонка не была вычытаная

ліся катаржнікі, уцекшые з астрога. І ўсё гэта, ўзятае разам, і радзіла той страх і трывогу, што, як туман, віселі над сялом.

А на ўсё сяло найбольшым трусам быў Мікола Гляк. Такога палахліваго і баязьліваго чэлавека, як ён, трудна знайсьці. Баіцца ён воўка, баіцца магілак, разбойніка, чорта. Хоць вы азалаціце яго, ніколі ня пойдзе ён адзін у ночы праз лес. А калі, бывала, захопіць яго ў дарозе шэрая гадзіна, то каню — беда! І ўжо яго конік сам ведае: чуць толькі пачне зьмеркацца, ён не чэкае, пакуль Мікола будзе тузаць яго лейцамі і паддаваць ахвоты пугай, а сам, пырхнуўшы для сьмеласьці, выгінаў сваю худую шыю с куртатаю грывай і борзда драбязіў таўставатымі ножкамі. А калі Мікалаю даводзілася ў такі час ісьці пяхотам, то ён так шпарка ішоў, што прыходзіў да дому ўвесь мокры. Ішоў ён раз вечэрам. Да сяла ешчэ было вярсты тры. На небі ўжо пачалі ўсходзіць першые зоркі. Раптам с-пад ялаўцоваго куста выляцела птушэчка. Мікола знячэўку стаў, і з яго грудзей, проці яго волі, выляцеў жаласны і доўгі крык:

— А-а-ай!