Старонка:Shchakatsihin Vashchanka.pdf/3

Гэта старонка не была вычытаная

ВАСІЛЬ ВАШЧАНКА - МАГІЛЁЎСКІ ГРАВЁР канца XVII - пач. XVIII сталецьця.

Член Супрацоўнік І. Б. К. выкладчык Б. Д. У. М. Шчэкаціхін.

З вялікага множства анонімных гравюр, якімі багата аздоблены прыгожыя выданьні старога беларускага друку XVII-XVIII вякоў, рэзка выдзяляюцца нямногія, але добра надуманыя і ня менш добра рэзаныя дрэварыты з подпісам магілеўскага гравёра Васіля Вашчанкі. Гэты цікавы і здольны майстар працаваў, як відаць, выключна ў Магілеве, ў межах 1698-1730 гадоў, зьмяшчаючы свае вытворы ў выданьнях свайго вядомага родзіча, друкара Максіма Вашчанкі, а гэтаксама і ў некаторых кнігах, якія выходзілі з магілеўскай "Брацкай" друкарні. Пэўная яскравасьць рысунку, выразнасьць тэхнікі, некаторыя самаўласьцівыя прыёмы самай гравёрнае манеры - усё гэта ўдала адрозьнівае яго дрэварыты ад шмат якіх іншых узораў беларускай гравюры, робіць з іх нейкае выключнае і надзвычайна каштоўнае зьявішча ў нашым гравюрным мастацтве.

У спэцыяльных гістарычна-мастацкіх працах аб творах Вашчанкі можна знайсьці нешматлікія ўпаміны; але ўсе яны надта кароткія і павярхоўныя. У першы раз некаторыя яго вытворы былі пералічаны вядомым Равінскім у рукапіснай працы "Русские граверы и их произведения с 1564 года до основания Академии Художеств", якая была ім прадстаўлена на прэмію Уварава ў 1864 годзе. Але ў гэтай працы Равінскі яшчэ не адрозьніваў Васіля Вашчанку ад іншых гравёраў, якія маюць то жа самае прозьвішча, - часткова - ад вышэйпамянёнага намі Максіма, які быў, як вядома, ня толькі выдаўцай-друкаром і ўласьнікам магілеўскай друкарні, але таксама і вельмі здольным, хоць і ня надта самастойным гравёрам па медзі.

Гэту абмылку заўважыў Стасаў у сваім "Разглядзе" працы Равінскага[1], пры чым адзначыў, што з ліку гравёраў з прозьвішчам "Вашчанка", што працавалі ў Магілеве, трэба адрозьніваць трох паасобных майстроў: Максіма, Апанаса і Васіля, з якіх апошні зьяўляецца, па яго думцы, найлепшым[2]. Дапаўняючы складзены Равінскім спіс яго твораў, Стасаў дадаў да яго некаторыя ўвагі. Ён адзначыў, што: a) "Вадохрышча", надрукаванае ў "Діоптры" 1698 г., было перадрукавана потым у іншых магілеўскіх выданьнях, а ўласна: на адвароце загалоўных аркушаў "Неба Новаго" 1699 г. і "Перла многоцѢннаго" 1699 г., а гэтаксама у "Житіи Святыхъ" 1709 г.[3]; што b) апрача "вадохрышча" ў "Діоптры" знаходзіцца яшчэ застаўка з Ісусам у крузе, якая відавочна нагавіравана Вашчанкам; што c) у магілеўскім "Акафісьце"

  1. Отчёт о седьмом присуждении наград графа Уварова. СПБ. 1864. Разбор рукописного сочинения Г. Ровинского: "Русские граверы и их произведения с 1564 года до основания Академии Художеств", состаленный В. В. Стасовым.
  2. Стасов, op. cit., стар. 48.
  3. Год паказаны памылкова, замест 1702.