Старонка:Shlubski Kanfiskaciya.pdf/1

Гэта старонка была вычытаная

У гісторыі беларускае літаратуры есьць шмат ня толькі спрэчных, але нават зусім нявыяўленых месц і здарэньняў; да гэтае катэгорыі належыць і пытаньне аб конфіскацыі царскім урадам перакладу на беларускую мову поэмы А. Міцкевіча „Pan Tadeusz“, які быў зроблен В. Дуніным-Марцінкевічам. Беларуская літаратура да самага апош­няга часу ня ведае прычын конфіскацыі памянёнага твору Д.-Марцінкевіча; так, Максім Гарэцкі ў сваім апошнім—чацьвёртым выданьні 1926 году „Гісторыі беларускае літаратуры" аб конфіскацыі „Пана Тадэуша" піша так: „Калі былі надрукованы дзьве першыя быліцы, цэнзура дзеля нейкіх прычын зламала дадзены ёю дазвол на выпуск кнігі, загадала арыштаваць надрукаванае і спаліць" (стар. 128). Гэтае самае знаходзім на стар. 198 у трэцім выданьні яго „Гісторыі", але ў другім яе выданьні (Вільня, 1921 г.) весткі адносна конфіскацыі „Пана Тадэуша" знаходзім іншыя: „Дазвол на друкаваньне быў да­дзены цэнзарам Кукальнікам. Як толькі былі надрукаваны першыя дзьве быліцы, на месца Кукальніка назначылі новага цэнзара, нейкага Мухіна. Той загадаў арыштаваць іх і спаліць" (стар. 86).

Адкуль гэтыя конкрэтныя весткі ўзяты М. Гарэцкім—невядома; чаму ў наступных выданьнях сваёй „Гісторыі" аўтар гэтыя конкрэтныя даныя замяніў агульным выразам—таксама невядома; мабыць аўтар стаў лічыць іх ня зусім пэўнымі? Аналёгічнае сьведчаньне аб Мухіну і Кукальніку (з якога, напэўна, узяў матар‘ял і М. Гарэцкі, бо яно зьяўляецца першай друкаванай крыніцай аб конфіскацыі „Пана Та­дэуша") знаходзім у прадмове да выданьня „Пана Тадэуша", зробле­нага ў 1907 г. выдавецкім таварыствам „Загляне сонца і ў наша ваконцэ", дзе чытаем: "jak tolki skončyli drukawać dzwie pieršyje bylicy, na miejsce Kukolnika naznačyli nowaho - niekaha Muchina. Toj welmi stroho ŭdausia i zrazu prysudziŭ „Pana Tadeusza" u świet nia puščać. Tak i nie paśpieli hetyje bylicy uzirnucca na świet toj jasny: jich aryštawali i spalili“[1]. Гэ­тымі весткамі карысталіся ў больш-менш асьцярожнай форме ўсе наступныя дасьледчыкі, якія датыкаліся да конфіскацыі „Пана Та­дэуша". Так, Дарашэнка ў 1908 г. піша: „Выданьне гэтага перакладу калісь зьніштожыла расейская цэнзура".[2] Проф. У. Ігнатоўскі ў 1921 г. адзначае: „Гэты пераклад чамусь не спадабаўся цэнзуры мікалаеўскага часу й кніжка была зьніштожана"[3]. Акад. Я. Карскі ў наступным годзе кажа: „въ свое время это сочиненіе не пущено въ продажу, а было сожжено"[4]. Мін. Янчук у 1920 г. чамусьці лічыў, што зроблены Мар

  1. Biełaruskije pieśniary. ІІ. Pan Tadeusz. Pieciarburh, 1907, стар. 1.
  2. Д. Дорошенко, Беларусы і іх нацыянальнае адраджэньне. „Наша Ніва" 1909, № 4, стар. 54.
  3. У. Ігнатоўскі. Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэньня Беларусі. Менск, 1921; стар. 17.
  4. Е. Карскій, Бѣлорусы, ІІІ, 3; стар. 60.