Старонка:Sienkievic.Bartek pieramoznik.djvu/29

Гэта старонка не была вычытаная

Раптоўна чуюцца словы малітвы:

— „Пад тваю абарону“…

Бартэк зараз-жа падхапляе:

— „мы ўцякаем, Прасьвятая Багародзіца!“

І хутка на гэтым полі сьмерці палякі хорам зьвяртаюцца з мальбою да свае апякункі, Чанстахоўскае Мадонны, а ім утаруюць стогны паміраючых і раненых: „О, Марыя, Марыя!“ І яна, як відаць, паслухала іхняе мальбы, таму, што ў гэтую мінюту на замыленым кані да іхніх радоў пад’яжджае ад’ютант, і адразу чуецца каманда: „У атаку, стрэльбы на руку, наперад!“ Жаўнеры кідаюцца да ўзгоркаў шукаць штыхамі непрыяцеля, якога не маглі заўважыць вочы. Да нізу ўзгорка застаецца яшчэ дзьвесьце крокаў, і гэтае аддаленьне ім трэба прайсьці пад забойчым агнём.

Ці-ж не загінуць яны аканчальна, ці не адступяць? Загінуць могуць, але не адступяць, бо немцы ведаюць, якую песьню іграць гэтым польскім мужыком падчас атакі. Сярод грому гарматаў, сярод агню стрэльбаў, дыму, замяшаньня і стогнаў разьлягаюцца трубныя гукі й да неба ляціць польскі гымн, ад якога кроў кіпіць у грудзёх. „Гура!“ адказваюць Мацеі, Бартэкі і Войтэкі. — „Покі мы жыемы“. Іх апаноўвае энтузіязм, твары іх гараць. Яны йдуць, як бура, цераз чалавечыя целы, конскія трупы, цераз абломкі гарматаў. Палякі гінуць, але йдуць з крыкам, з пяяньнем. Вось яны дасягаюць віваграднікаў і зараз-жа зьнікаюць у іхнім гушчары. Чуецца толькі пяяньне, час ад часу блісьне штых. Угары агонь робіцца