мым, што пераможнік у карчме, дык усе ранейшыя таварышы зараз-жа пасьпяшаліся да яго.
І вось сядзіць наш Бартэк за сталом, але саўсім іншы, як раней. Ён, калісьці гэткі дабрадушны, ціхі, цяпер стукае кулаком па стале і з павагаю балбоча, як індык.
— А памятаеце, хлопцы, — кажа ён, — як я тады адлупцаваў французаў: што сказаў Штэйнмэц?
— Як-жа ня помніць.
— Чаго толькі не казалі аб французах, палохалі імі, а гэта слабы народ. Яны салату ядуць, як зайцы, і праз гэта ўцякаюць, як зайцы. Піва яны ня п’юць, толькі віно.
— Так.
— Аднаго разу мы палілі нейкую вёску, дык яны выцягвалі да нас рукі і крычалі: pitié! pitié, а гэта азначала, што яны дадуць нам піць, абы толькі даць ім спакой. Але мы не зьвярталі на іх увагі.
— Значыцца, можна зразумець тое, што яны гавораць? — спытаўся малады парабак.
— Ты не зразумееш, таму што ты дурны, а я разумею. Done dipe, разумееш?
— Што вы кажаце?
— А Парыж бачылі? Вось там былі баі, адзін за адным. Але мы ў кожным пабілі. У іх няма добрае каманды. Людзі казалі, што плот у іх добры, толькі стаўпы благія. І афіцэры благія, і гэнэралы благія, а ў нас добрыя.
Стары Мацей Беж, чалавек разумны, паківаў галавою.