— Бярэце! я цяпер пан… Ня хочаце? Ой, ня гэткія грошы бывалі ў нас у Францыі, толькі кудысьці пайшло. Ці-ж мала мы палілі, білі… Бог ведае каго…
У настроі п‘яных людзей часто бываюць раптоўныя зьмены. Бартэк неспадзявана згроб са стала грошы і жаласна сказаў:
— Божа! будзь міласьціў маёй грэшнай душы!
Пасьля гэта ён абапёрся лакцямі аб стол і, затуліўшы твар сваімі лапішчамі, маўчаў.
— Што з табою, — спытаўся нехта з п‘яных.
— Чым я вінаваты, — панура прамармытаў Бартэк. — Самі лезьлі. Толькі мне іх было шкада, таму што абодва землякі. Божа, будзь міласьціў! Адзін быў, як зорка румяная. У чародны дзень ён быў белы, як палатно. А пасьля іх яшчэ жывых засыпалі… Гарэлкі.
На мінюту запанавала нейкая панурая ціша. Мужыкі са зьдзіўленьнем паглядалі адзін на аднаго.
— Аб чым ён расказвае? — спытаўся нехта з прысутных.
— Мусі з суменьнем аб нечым гаворыць.
— Праз гэтую вайну чалавек п‘е, — прамармытаў Бартэк.
Рыцар наш выпіў адну чарку гарэлкі, пасьля другую. З мінюту ён таіў маўчаньне, затым плюнуў і неспадзявана ізноў прыйшоў ў добры настрой духа.
— А вы гаварылі са Штэйнмэцам? а я гаварыў. Гура! Пеце! Хто плаціць? Я…