ўзяцца за работу. На няшчасьце, Бартэк ня мог працаваць. Магда не асабліва верыла ў гэта і хадзіла да ксяндза па раду, як-бы гэта расчухаць мужыка, але нічога ня выйшла. Бартэк сапраўды ня мог працаваць, бо пасьля кожнае нязначнае работы ён задыхаўся і чуў боль ў касьцёх. Праз гэта ўсё рыцар наш цэлыя дні праседжваў перад сваёю хатаю, курыў фарфоравую люльку з патрэтам Бісмарка ў белым мундзеры і кірасьерскім шоламе на галаве ды паглядаў на сьвет змучанымі, соннымі вачыма. Пры гэтым ён падумваў часткаю аб вайне, часткаю аб перамогах, аб Магдзе, часткаю аба ўсім, часткаю ні аб чым.
Але вось, аднаго разу, седзячы на лаўцы, ён пачуў, як плакаў Франэк.
Франэк вяртаўся са школы і роў на ўсю вуліцу.
Бартэк выняў з рота люльку і спытаўся:
— Што з табою, Франэк? чаго равеш?
— А як-жа мне не раўсьці, калі я дастаў па мордзе…
— Хто табе даў у морду?
— А хто-ж, як ня Бэгэ!
Бэгэ поўніў абавязкі настаўніка ў Пагнэмбіне.
— А якое ён мае права біць па мордзе?
— Мусі мае права, бо даў.
Магда ў гэты час капала ў агародзе, пералезла праз плот і з рыдлёўкаю ў руках падыйшла да дзіцяці.
— Чым-жа ж ты правініўся? — спыталася яна.