Старонка:Sienkievic.Bartek pieramoznik.djvu/58

Гэта старонка не была вычытаная

— Нічым я не правініўся. Бэгэ аблаяў мяне польскаю сьвіньнёю, даў мне ў морду і сказаў, што цяпер немцы перамаглі французаў і будуць лупіць нас, таму што яны цяпер дужэйшыя за ўсіх. Я яму нічога не зрабіў, толькі, калі ён спытаўся, хто найважнейшая асоба на сьвеце, а я адказаў, што Сьвяты Айцец, тады ён даў мне ў морду, а я пачаў крычаць, а ён вылаяў мяне польскаю сьвіньнёю і сказаў, што як цяпер яны перамаглі…

Франэк ізноў пачаў з таго самага і так і паўтараў: „а ён мне сказаў, а я яму сказаў“. Нарэшце, Магда затуліла яму твар рукою і, зьвярнуўшыся да Бартэка, выгукнула:

— Чуеш, чуеш… вось ідзі ваюй з французамі, апасьля хай немец б’е тваё дзіця, як сабаку, ды лае!.. ідзі, ваюй… няхай шваб забівае тваё дзіця; вось табе награда…

Тут Магда, расчуленая ўласнаю красамоўнасьцю, расплакалася разам з Франкам, а Бартэк вырачыў вочы, разявіў рот і зьдзівіўся — гэтак зьдзівіўся, што ня мог выгаварыць а ні слова. Але перш за ўсё ня мог зразумець таго, што здарылася. Як гэта? А яго перамогі… З мінюту Бартэк моўчкі сядзеў на лаве, але вось вочы яго заблішчэлі, твар пачырванеў. У падобных да яго людзей зьдзіўленьне, таксама, як і перапалох, часта пераходзіць у шалёную злосьць. Бартэк раптоўна ўстаў і, прамармытаўшы праз зубы: „Я з ім пагавару!“, скіраваўся да настаўніка. Школа была недалёка, тут-жа за касьцёлам. Якраз у гэты