Гэта старонка была вычытаная
Князь багаты, стары
Ажаніўся са мной,
А мой верны слуга
Заручыўся з ракой.
Вось за то і сяджу —
Гэта мой трон-пасад,
Бо-ж я княжнай была,
Лет таму сто назад.
Усе тры, (разам).
Гу-та-та, гу-ля-ля,
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Бо-ж я княжнай была,
Лет таму сто назад.
3-я русалка, (ходзючы па капцы).
Я снаваці люблю
То сюды, то туды,
Ўспамінаючы свой
Век з людзьмі малады.
Мы жылі у дваіх,
Як дзьве рыбкі ў вадзе;
Ён нідзе без мяне,
Без яго я нідзе.
Як любіліся мы,
Як быў ясен прастор!
Плялі думкі свае
С сонца, месяца, зор.
А пасьля ад мяне
Адарвалі яго…
Узялі, павялі,
Не сказалі — чаго.