Летам, у восень, зімою, вясной
Гэтые пробую дзьверы;
Штось атпіхае, штось кідае мной,
З рук выбівае сякеру.
(Закладае лязо за дошку і мацуе).
Чорны (паяўляецца ля сьцяны незаметна і хватаецца за сякеру).
Ты зноў сюды лезеш, нешчасны!
Ха-ха-ха! вось так навала!
Напрасна, мой мілы, напрасна,
Зноў цябе немач прыгнала.
Не дам я да скарбаў дастацца,
Варту я моцна трымаю;
Хто важыцца з мною змагацца -
Помач я крэпкую маю.
Ці просьбай, ці грозьбай, ці стонам
Стукнешся ў гэту мясьціну -
І ўсё на загубу: ня ўлезеш да скону
Ха-ха-ха! счэзьнеш скацінай...
Сам (атступае ад дзьвераў, тапор з лоскатам валіцца на ґанкава каменьня).).
Так ужо ёмка тапор залажыў, -
Меціўся дошку сарваці, -
Бач, як-бы сілы усе свае збыў;
Млее рука, не спазнаці.
Хаты сваей лягчэй зрушыць звяны,
Тут ня йдзе ў лік і ахвота.
Спробую толькі з другой стараны,
Мо' спрытней пойдзе работа.
(Закладае тапор так сама, з другога боку дошкі).