Пакуль сюды ўвойдзеш не званы.
Кінь свае думкі, дзяціна.
Лепш чэрвем ад рана да рана
Ляж пад гнілою асінай.
Ха-ха-ха! і там жджы усходу,
Новаго ўсходу-прынады;
Пішчы там, як ка́ня ў пагоду;
Вый, як ваўкі на Каляды!
Сам (шукае, поўзаючы на каленях, тапара).
Мусіць змацуе гэтая глуш.
Эх ты мой быт чэлавечы,
Ўдзержыцьсякеры і то ўжо ня дуж, -
Корчацца ногі і плечы.
Як-бы тапор ужо толькі найсьці
Ў гэтай пустошы заломнай...
Дзе ён? Дамоў без яго-ж мне ня йсьці
Як-жэ тут цёмна, як цёмна!
(Дастае з-за пазухі смолку).
Маю на ўсякі прыпадак с сабой
Колькі смаляных патпалак,
Толькі запалкі...
(Мацае у кішэнях).
Ай, Божэ ты мой!
Дома забыўся запалак.
(Шукае і знаходзіць абмацкам тапор).
Ну, ўжо і так рэзачок свой знайшоў,
(Прабуе пальцам лязо).