Відмы (сплетаюцца за рукі і, як ланцугом, ачэпліваюць і кружацца навокала Сама).
Як гадзюкі, як вужакі,
Абручамі ў знак, не ў знакі
Аплетаці шчыльна, жвава
Ў права, ў лева, ў лева, ў права!
Чорны (падымае і стукае аб саганок абломкам муру).
Гэй, на вырай, гэй, на жніва!
Толькі спрытна, толькі жыва.
Ў лева, ў права, ў права, ў лева
Па насьпелыя пасевы!
Відмы (расплетаючыся і збегаючы з ганку - кожнае у сваю старану).
Па насьпелыя пасевы -
Ў лева, ў права, ў права, ў лева!
Толькі спрытна, толькі жыва,
Гэй, на вырай! гэй, на жніва!
Сам (папраўляе ямчэй у руках тапор).
Што за дзіва, што за сіла
Тут сьвістала, скавытала.
Штось круціла, штось муціла,
Як вяроўкай, аплетала.
(Відмы па хвілі варочаюцца у тым самым парадку, але кожнае валачэ с сабой — зачапіўшы пятлёй за шыю — таварыша, каторы, астанаўліваючыся каля Чорнаго, кідае яму у саганок колькі медзякоў; пасьля відма садзіць свайго таварыша на кругу каля Сама канцомъ вяроўкі завязываючы рукі).