Гэта старонка не была вычытаная
III
Назаўтра падвечар суседзі
Прыгрэбнік пусценькім знайшлі.
Употай Мікітка знік недзе.
Куды ён падаўся? Калі?
І двор, дзе радзіўся Мікітка,
Дзе хата стаяла і хлеў
І градак цягнулася нітка,
Сягоння зусім апусцеў.
Адны засталіся руіны:
Закуранай печы шкілет,
Журботная груда цагліны,
Пажарышча жудасны след.
Змяшалася ўсё без разбору,
Без выдумак хітрых, прыкрас.
Адзін толькі комін угору
Выносіў свой боль на паказ.
І людзі глядзелі, ўздыхалі,
Праходзячы міма руін,
Ды думалі: што-ж будзе далей?
Якіх прычакаюць навін?
І кідалі погляд украдкам
На двор, дзе жыў Губіч Кандрат.
Ён - вораг совецкіх парадкаў,
Ён немцаў навёў сюды, гад.
На Гурбу данёс ён, гадзюка,
І выдаў, што ён партызан.