Старонка:Svejk.4.pdf/128

Гэта старонка не была вычытаная

Кадэт Біглер, ня спускаючы вачэй з карты і параўноўваючы знакі на ёй з мясцовасьцю, асьцярожна пасоўваўся наперад, хоць яму было зусім незразумела, куды яму трэба ісьці і дзе спаткаць расійцаў. У кожным разе ён ведаў, што яму даручылі сур’ёзную задачу і стараўся выканаць яе так, каб атрымаць за гэта ўзнагароду. Ён пільна азіраўся ў бакі і бадзёра крочыў на чале свае маленькае арміі, падганяючы салдатаў і нецярпліва чакаючы, калі зьявіцца вораг, каб зараз-жа паслаць у свой батальён паведамленьне, што можна пачынаць бой.

Крыху ззаду за кадэтам Біглерам ішоў для сувязі Швэйк з другім салдатам, якому абрыдзела адзінота і які знарок пачакаў Швэйка і прывітаў яго гэткімі словамі:

— Удваіх яно лягчэй ісьці і бараніцца, калі хто на нас нападзе і захоча абакрасьці. Тут, браце, такі глухі лес, што толькі разбойнікам Бабінскім у ім жыць. Што, карабін у цябе зараджаны? На кадэта і на таварышаў, што наперадзе, разьлічваць няма чаго. Яны сабе ідуць наперад, а на нас нават і не азірнуцца. Ну, ды заблудзіцца тут, відаць, цяжка. Тут адна толькі сьцежачка:

— Не, карабіна я не зарадзіў, — спакойна адказаў Швэйк, — бо з зараджаным карабінам жарты малыя. Возьмеш гэта ты яго ў рукі, паграеш, а той — бух! Увесь набой табе ў жывот. Правільна казаў падпаручык Фрэмлер, як я служыў у Будзёвіцах: «Магазыновы карабін Манліхера ўзору 1895 году найлепшы ў сьвеце, а як хто пасьля вучэньня забудзецца ў ім патрона, дык я яму ўсе зубы выб’ю!» Ну, а заблудзіць ты ўсюды можаш, нават, у Празе. От, напрыклад, знаў я аднаго чалавека прозьвішчам Галда; ён працаваў за ліцейшчыка на заводзе Рынгхофера ў Празе і жыў каля мытніцы. У Бубне была ў яго адна знаёмая, з якою ён хадзіў у «Куцілэк» на Бэльвэдэры танцаваць прыстойныя танцы — гэта таму, што ў «Куцілэку» на сьцяне была абвестка: «Просяць танцаваць толькі прыстойна!» А раз ён там крыху перапіўся, пасварыўся з сваёю паненкаю, пашоў адзін дахаты. Дайшоў ён да Нэнцэслававу пляцу і пытаецца ў поліцэйскага, як дайсьці да Сьміхава. Той