Старонка:Svejk.4.pdf/13

Гэта старонка была вычытаная

што той паганец зрабіў з імі? Узяў дый ня прышоў. Што вы на гэта скажаце?

Абодва салдаты, што былі родам аднекуль з Тыроля, у адзін голас адказалі:

— Не разумею па-чэску.

— Ну, а па-нямецку вы разумееце? — спакойна спытаўся Швэйк.

— А як-жа?!

— От гэта добра, — сказаў Швэйк. — У такім выпадку вы хоць у сваіх землякоў ня згубіцеся.

З гэтакімі прыемнымі гутарачкамі ўся кампанія прышла на гаўптвахту, дзе маёр Вольф далей дэбатаваў з капітанам пра лёс Швэйка, а сам Швэйк ціха расьсеўся на столачку.

Нарэшце ўсё-ж маёр згадзіўся з думкаю капітана, што гэты чалавек павінен быць павешан толькі пасьля доўгае процэдуры, якую так ласкава называюць: «Судовы прыгавор».

Калі-ж папыталіся Швэйка, якое думкі ён пра ўсё гэтае, дык ён упэўнена адказаў:

— Мне вельмі няпрыемна, пане маёр, бо маеце большы чын, як пан капітан, але мае рацыю пан капітан. Справа ў тым, што заўсёды бывае так: сьпех людзям на сьмех. От, напрыклад, у акруговым судзе ў Празе звар’яцеў раз адзін судзьдзя. Доўга нічога не заўважалі, пакуль яго вар’яцтва ня выявілася на паседжаньні суду па справе аб зьнявазе. Нейкі Знаменачак, спаткаўшы на вуліцы ксяндза Хорціка, што на лекцыях закону божага надаваў яго сынку па карку, стаў лаяцца: «Халера, зараза, ідыёт, сьвіньня, сукін сын, поскудзь, дурань!» Ну, а гэты судзьдзя быў вельмі набожны чалавек. У яго было тры сястры і ўсе яны служылі кухаркамі ў ксяндзоў, а ён быў хрышчоным бацькам усіх іх дзяцей. І от гэта на яго так уплыло, што ён раптам страціў розум і закрычаў на падсуднага: Імем яго імпэратарскае і каралеўскае вялікасьці прысуджаю да пакараньня сьмерцю на шыбеніцу. Прыгавар ня мае права апэляцыі. Пане Хорачэк, — зьвярнуўся ён да судовага прыстава, — вазьмеце от гэтага пана і павесьце яго там, ведаеце, дзе выбіваюць дываны, а пасьля прыдзеце да мяне, я дам вам