Старонка:Svejk.4.pdf/148

Гэта старонка не была вычытаная

Паміж хат пракрадваліся тры расійскія салдаты — два старшыя векам з барадою і адзін малога росту хлопчык, зусім яшчэ дзіця. Яны ішлі павольна, ледзь ступаючы і хісталіся пры ходзе, як мядзьведзі; іхныя карабіны віселі на вяровачках за плячыма. Яны ішлі стомленыя, прыглушаныя, як бараны, якіх так загналі, што яны ўжо ня могуць больш крануцца з месца; увесь іхні выгляд выказваў тое, што аўстрыйскія салдаты выказвалі словамі: «Піхні нас наперад, піхні нас назад — усяроўна з нас нічога не даб’ешся, усяроўна нам усё абыякава!»

От яны спыніліся і пачалі пра нешта раіцца ў пераходзе між двух хат, у той час, як каля іх на дварэ прыхаваліся кадэт і два добрыя ваякі з варожага лягеру. Убачыўшы, што Швэйк на загад сунуў у карабін абойму дагары нагамі, кадэт схапіў у яго з рук карабін; набіў яго сам, ды, аддаючы назад Швэйку, паціху шапнуў:

— Жывёла, нават набіць як сьлед ня ўмее! Прыцэлься добра! Падрыхтуйся! — загадаў ён коратка і падняў рэвольвэр.

Але «страляй!» яму так і не давялося скомандаваць; рука швэйкава адвяла ўзброеную кадэтаву руку, а сам Швэйк прамармытаў:

— Езус-Марыя, пане кадэт, няўжо вы і сапраўды хочаце іх застрэліць? Яны-ж нас не чапаюць. Дык дазвольце сказаць, пане кадэт, што калі мы выстралім і не патрапім, дык яны нас застрэляць, яны-ж таксама маюць карабіны, ды яшчэ якія доўгія. Магчыма, яны — разьведка, а за імі ідзе ўся дывізія?.. А можа іх толькі трох і яны таксама заблудзіліся, як і мы. І тады, калі мы іх застрэлім, дык нам давядзецца капаць ім магілы, а гэта ў такую сьпёку ня так лёгка, пане кадэт.

Швэйка захапіла думка, што яны, гэтыя варожыя салдаты, таксама зьбіліся з дарогі, як і яны, і яго сымпатыі расьлі да іх з кожнаю хвілінаю. Ён абняў кадэта так, што ў таго і дух спыніла і горача зашаптаў:

— Вы толькі ўявеце сабе, пане кадэт, што яны таксама адбіліся ад свае часткі. Цяпер ім, бедным, давядзецца туляцца па сьвеце і ніводзін полк ня прыме іх да сябе і ніхто ня дасьць ім ні грошай ні пайкоў. Яны, напэўна, жадаюць папасьціся ў палон; магчыма, нават, яны чулі пра нас і лічаць, што мы забяром іх з сабою і будзем клапаціцца, каб прахарчаваць іх. Ды