Старонка:Svejk.4.pdf/41

Гэта старонка не была вычытаная

Тыя, што былі са шпорамі, належалі маёру, а бяз шпораў — Швэйку.

Абодва спалі цесна прытуліўшыся адзін да аднаго, як кацяняты. Швэйк падсунуў сваю лапу пад галаву маёру, а маёр абхапіў Швэйка рукою за пояс.

Ва ўсёй гэтай прыгодзе ня было нічога ненатуральнага. Гэта было нішто іншае, як выкананьне панам маёрам сваіх службовых абавязкаў.

Прызнайцеся чытач, што і вам здаралася назіраць гэткі выпадак: вы сядзіце з кім-небудзь і п’іцё цалюткую ноч аж да палудню другога дню, і от раптам ваш таварыш па бутэльцы хапаецца за галаву, ускаквае і крычыць: «А, божа-ж мой, ды мне-ж трэба было быць а восьмай гадзіне на службе!» Гэта называецца прыпадкам службовага стараньня, што зьяўляецца ў пэўнай меры штучным продуктам зьявы, калі вас грызе сумленьне. Чалавек, з якім здарыўся такі прыпадак, не паддаецца ніякім угаворам і ён пэўны, што яму трэба зараз-жа нагнаць усё тое, што ён прапусьціў. От такія дзівакі і складаюць контынгент тых асоб, якіх швэйцарцы на службах ловяць у калідорах і кладуць у каморцы на канапу, каб яны добра выспаліся…

Гэткі прыпадак здарыўся і з нашым маёрам, калі ён раптам прачнуўся ў сваім крэсьле: яму здалася, што неабходна зараз-жа зрабіць Швэйку допыт. Гэты прыпадак службовага стараньня праявіўся так неспадзявана і з такою сілаю і так хутка і рашуча ўплыў на яго, што ніхто наогул нават не заўважыў, як маёр сабраўся і вышаў.

Тым больш заметна было зьяўленьне маёра ў каравульным памяшканьні вайсковае турмы. Ён упаў туды, як фугасны знарад.

Дзяжурны фэльдфэбэль моцна спаў за сталом, а навакола яго ў самых неспадзяваных позах драмалі людзі каравульнае команды.

Маёр ссунуў шапку на патыліцу і выпусьціў такую нячуваную лаянку, што ўсе так і застылі, шырока расчыніўшы вусны: у абліччы ўсіх зьявіўся жах і вачом маёра ўявілася не вайсковая