Старонка:Svejk.4.pdf/72

Гэта старонка не была вычытаная

— Цяпер радуйся! Цяпер табе аман! Я загадваю цябе абкруціць саломаю і зрабіць з цябе пудзіла 91-му палку.

— Слухаю, пане падпаручык, — адказаў Швэйк, выцягнуўшыся ў струнку. — Я калісьці чытаў, дазвольце паведаміць, што ў аднэй вялікай бойцы забілі швэдзкага караля, а разам з яго верным канём. Абодва трупы іх прывезьлі у Швэцыю і цяпер іх рэшткі стаяць, як пудзілы, у Стокгольмскім музэі.

— Адкуль у цябе гэткія веды, дурань? — крыкнуў падпаручык Дуб.

— Гэта таму, дазвольце паведаміць, пане падпаручык, што ў мяне брат профэсар.

—Падпаручык Дуб завярнуўся ад яго, плюнуў і павёў кадэта далей у кірунку да сталовага пакою. Але ён ня мог утрымацца, каб каля самых дзьвярэй яшчэ раз не азірнуцца і з бязьлітаснаю строгасьцю рымскіх імпэратараў, што вырашалі лёс раненага гладзіятара, не зрабіць адпаведнага руху вялікім пальцам правае рукі і не скомандаваць Швэйку:

— Адцягні вялікі палец!

— Слухаю, — крыкнуў яму ўсьлед Швэйк, — адважуся паведаміць, што яго ўжо адцягнуў.


Кадэт Біплер быў слабы, як муха. За гэты час ён пабыў на некалькіх халерных пунктах і, пасьля ўсіх спробаў, што рабілі над ім, як падазроным у халеры, ён меў права на дрэнны надворак. Нарэшце ён трапіў у рукі аднаго спэцыяліста, што не знайшоў у ягоных экскрэмэнтах ніякіх халерных вібрыёнаў, падправіў яго ежу танінам, як шавец падраныя боты дратваю, і адаслаў яго на бліжэйшы этапны пункт, прызнаўшы, што кадэт «годзен несьці паходную службу».

Гэта быў, так званы, «мілы» чалавек.

Як кадэт Біглер папрабаваў вытлумачыць яму, што ён адчувае сябе яшчэ вельмі слабым, доктар, усьміхнуўшыся. сказаў:

— Ну, залаты мэдаль «за адвагу» вы яшчэ можаце насіць на сабе. Вы-ж прышлі на вайсковую службу добраахвотнікам.