Старонка:Svejk.5.pdf/173

Гэта старонка была вычытаная

— Вось гэта, — сказаў ён, — і ёсьць наша карта страў, а складзена яна так, што вашы жандары прымаюць яе за замежны пашпарт.

Ён не заўважыў, як шыкоўны малады чалавек, які ў гэты час ішоў з прыбіральні, падышоў да іхнага гуртка зірнуць, чым гэта ўсе там так зацікавіліся. Гэты малады чалавек раптам працягнуў руку да карты страў і ўраз схаваў яе сабе ў кішэню, а потым хутка выйшаў у калідор і зараз-жа вярнуўся з двума жандарамі.

— Усіх арыштаваць! — загадаў ён. — Шпэгі! Офіцыянтаў здаць у партовую ўправу, аўстрыйцаў — да комэнданта. Здаць пад расьпіску. Старанна пільнаваць. Я зараз пашлю вам падмацаваньне.

Такім чынам здарылася, што трое нашых замежных гасьцей проста з чыгуначнага буфэту трапілі ў канцылярыю ваеннага комэнданта гораду Растова-на-Доне, дзе іх прыняў і паставіў пад замок дзяжурны пісар, пасьля таго, як казакі ўсё ў іх адабралі, а саміх іх адлупцавалі бізунамі.

Калі за імі зачыніліся дзьверы іхнай камеры, у якой ня было нічога апрача аднаго ложку і парашы, палонныя няўцямна азірнулі адзін аднаго, тым часам, як Гаршына пахмура чухаў за вухам і пахмура гаварыў:

— А нас-жа абвінавачваюць ў шпіянажы! Дрэнна з намі будзе. Цяпер мы ня выкруцімся ад вайсковага суду.

Марэк моўчкі паціснуў плячыма. Швэйк выцягнуўся на ложку і па-філёзофску зазначыў:

— Усякі пачатак цяжкі, а канец вянчае справу. Вячэра ў нас была адменная. Але не кажы «гоп!», не пераскочыўшы.

У той час, як яго таварышы меркавалі, што з імі цяпер будзе, ўдалы ваяка Швэйк заснуў, і яму прысьніўся такі сон:

Сьнілася яму, што ён галоўны рэдактар «Кулінарнага агляду» і піша перадавую, у якой выкладае програму свайго часопісу. Сьліна пацякла ў яго з роту, пакуль ён абмяркоўваў, якія навіны ён будзе даваць чытачом, і цякла на паперу, калі ён канчаў свой артыкул словамі:

«Ня чытайце больш політычных газэт! Выкіньце, як непатрэбнае, штодзенныя газэты ўсіх політычных кірункаў! Адмоўцеся ад чытаньня ўсякіх авантурных романаў! Кіньце свае думкі пра апублікацыі аб сьмерці! Заплюшчыце свае вочы перад