сьпявае «Стромкая, белая…», каб гэты зьбіральнік песень не падумаў, што гэта вынік артыстычнага турнэ Сьпявацкага таварыства праскіх настаўнікаў. Не, гэта проста водгук дзейнасьці ўдалага ваякі Швэйка сярод расійскага народу і жывая памяць таго вялікага пачуцьцёвага ўплыву, якім ён умеў дзейнічаць на простыя, несапсаваныя сэрцы адважных расійскіх салдат…
14
УСЕ ПАКІДАЮЦЬ ШВЭЙКА
Тое, што здарылася з 208-й рабочай дружынай, было — нячуваная падзея нават у звыклай да ўсяго Расіі. Палкоўнік Галаваценка сваю дружыну так і не дагнаў, і палонныя яго больш ніколі ня бачылі. Пад суд, як пагражаў генэрал, іх таксама не аддалі. Генэрал, відаць, баяўся агалашэньня гэтае справы, як ён з цэлай брыгадай выступіў супроць свае-ж рабочай дружыны, і таму вырашыў інакш: ён заявіў, што гэта — палонныя, якіх затрымалі, калі яны ўцякалі з фронту, з розных часьцей войск, і накіраваў іх пад аховаю ў тылавую этапную часьць у Гомель.
Калі палонныя вышлі там з цягніка, усё пашло звыклым парадкам: ніхто не пацікавіўся даведацца, хто яны і адкуль, і нікому ня было справы да іх. Канвой завёў іх у прасторны глінабітны барак, у якім толькі страха ўзвышалася над зямлёю, здаў іх фэльдфэбелю, каб той залічыў іх на паёк і яго: «добра, слухаю» было канец усёй працадуры, якой яны гэтак баяліся.
Барак быў ужо напалову повен палоннымі, якія з цікаўнасьцю паглядалі на новых гасьцей. І Швэйк, верны свайму прынцыпу, што чалавек павінен быць знаёмы з усім што навокал яго, адразу-ж падышоў да іх, каб па прыяцельску пагаварыць.
— Адкуль вы, браткі? — запытаў ён іх сваім прыемным голасам. — Ці даўно ўжо тут? Ці ня чуваць чаго-небудзь новенькага пра мір?
У адказ пачулася толькі кароткая, але даволі такі выразная лаянка. Швэйк, не бянтэжачыся, яшчэ раз запытаў тое самае. Тады тыя, што сядзелі на верхніх нарах, плюнулі і сказалі па-чэску: