Кравец глыбока ўздыхнуў, спрабуючы няпрыметна прабрацца на нары, адкуль яго зараз-жа сапхнулі чатыры пары моцных рук. А Швэйк, падтрымліваючы яго, ласкава заўважыў:
— Ну, здароў, браце. Клягэн таксама быў тут. Ён шукаў цябе, каб з табою разьвітацца.
— Я яго бачыў, — уздыхнуў Пісклявы. — Ах, божа мой, калі ён мяне калі-небудзь знойдзе, ён прыб’е мяне да паўсьмерці… Але цяпер, браткі, канец усім бядотам. Праз тры тыдні мы будзем дома, у сваіх пасьцелях.
Цягнік грымеў па рэйках. У цяплушцы самотна паміргвала сьвечка ў разгойданым ва ўсе бакі ліхтары. Усе ўжо спалі. Швэйк падсунуўся і даў Піскляваму крыху месца, а сам падсеў бліжэй да печкі і стаў падкідаць у яе паленьні, каб яна не патухла. За сьценкамі цяплушкі панавала поўная цемень… Цягнік імчаўся па простай, як страла, чыгунцы… Аблягчаючы ў прычыненыя дзьверы свой пухір. Швэйк ненаўмысьля добра такі пырскануў ля маленькай станцыі, дзе ня было прыпынку, начальніку станцыі ў твар, які вышаў спатыкаць цягнік. З змроку чулася адборная лаянка… А пасьля цягнік зноў праглынула ноч, бязьмежны стэп і глыбокая цішыня.
А на распаленай печцы шыпеў і пляваўся кіпучы імбрычак, і над галовамі сонных, сярод хрыпу і сьвісту, плаваў прыемны Швэйкаў голас. Швэйк сьпяваў:
Што, цывільны, мусіць, часта марыць звыклі вы аб тым, |