— Маўчаць! — раўнуў на яго капітан. — Што ты за лухту вярзеш! Я цябе, галубка, сам агледжу, што ты за гэтакі тоўсты! Я з цябе, шэльма, от гэтымі сваімі рукамі сала выпушчу, я цябе…
Каптан задыхаўся са злосьці, пхаючы Швэйка перад сабою ў канцылярыю. Замкнуўшы дзьверы, ён узяўся ў бокі і гукнуў:
— Разьдзявайся! Жыва!
— Мусіць лепш не сьпяшаць, — заўважыў Швэйк, расшпільваючы куртку.
У капітана пачарнеў твар і вочы наліліся крывёй. Ён пачаў зрываць з Швэйка рубашку і дзіка зароў:
— Адна, дзьве, тры, чатыры. Чатыры кашулі на ім, шэльме! Значыцца, тры крадзеныя! Пачакай, я цябе правучу! Заб’ю да сьмерці, гада!
І, нічога не памятаючы ад злосьці, капітан Байкоў скінуў шапку і шынель, а пасьля і гімнасьцёрку.
— Спускай нагавіцы! Кладзіся на стол! Сваімі рукамі засьцёбаю цябе нагайкай, выпішу табе божы запавед на с… Пачакай, маць тваю! Я цябе вымуштрую! Ты ў мяне больш красьці ня будзеш!
Ён замахнуўся на Швэйка кулаком. Швэйк поўным заклапочанасьці голасам пачаў угаворваць яго:
— Можа, дазвольце далажыць, ваша высокаблагародзьдзе, вы-б лепш прыселі? Ня добра гэтак злаваць. Яшчэ, гатоў паляруш хапіць. У вас сэрца здаровае, ваша благародзьдзе? А то вам шкодна, няздорава… Можа, вам падаць вады шклянку? У Жыжкаве вось таксама адзін дамаўласьнік раззлаваўся, бо кватаранты не плацілі яму грошай; ну, яго кандрашкі хапілі, раней чым пасьпеў доктар… Так ён і памёр бяз споведзі, без…
Капітан кінуўся да дзьвярэй, адамкнуў іх і паімчаўся, як стаяў, у цэйхгаўз па забытую там нагайку. Пасьля, усё гэтак-жа бягом, ён вярнуўся, але цераз двор, бо ля брамы была выклікана варта, і схаваўся ў памяшканьні, дзе палонны чакаў экзэкуцыі.
У памяшканьні было цёмна, лямпа патушана. Капітан замкнуў за сабою дзьверы і ўрачыста крыкнуў:
— Не, браце, не ўцячэш! Я цябе знайду!.. А ну, вылазь з-пад стала!