леўне, што ён адмаўляецца аглядаць сваіх пацыентаў пры жанчыне. Але тая зазлавала і рашуча адказала яму:
— Чаму гэта? Вы начальнік дружыны ці я? Памятайце, што я павінна ведаць пра ўсё, што да палонных. А што калі яны заразіліся ад усялякіх патаскух? Гэта часта бывае, у нас у Расіі ўсё можа быць.
І, падфарбаваўшы сабе губы нейкаю парфумай, яна напудравала нос і катэгарычна заявіла:
— Заўтра зранку я ўсіх агледжу сама. Я люблю іх як сваіх дзяцей. Я-ж не дзяўчынка, якая ніколі ня бачыла мужчыны.
Дык Ванэк паслаў Швэйка па хатах з загадам, каб ўсе, што нядаўна захварэлі на каросту, а таксама і тыя, што ўжо лечацца сваімі сродкамі, напрыклад, мыюцца сваёю мачою, або націраюцца каламазьзю ці газаю, — зьявіліся назаўтра зранку ў канцылярыю на агляд. А з тэй прычыны, што Швэйк не забыўся паведаміць, што аглядаць іх будзе дамачка, у канцылярыю ў вызначаны час прышла ўся дружына.
Аўгіньня Васільлеўна яшчэ спала. Калі дзяншчык далажыў ёй, што хворыя ўжо чакаюць, яна адразу адзелася і, праціраючы вочы, загадала:
— Упусьці іх. А дактаром скажы, каб яны прышлі сюды. Гэткая хвароба — ня дзіцячыя цацкі. Тут патрэбна консультацыя.
— Добры дзень! — кінула яна «дактаром», калі тыя апынуліся ля яе. — Загадайце людзям разьдзецца. Я сама агляджу іх, а пасьля паеду ў Будслаў да старшага доктара, каб ён выпісаў нам якога-небудзь добрага лякарства.
— Першае аддзяленьне, слухай! — скамандаваў Ванэк. — Штаны — далоў! — Па парадку падходзь!
Людзі, ледзь стрымліваліся, каб не зарагатаць, пачалі падыходзіць. Аўгіньня Васільлеўна абмацвала іхныя ляжкі, расьцірала пухіркі і выконвала ўсялякія маніпуляцыі, абсыпаючы пацыента пытаньнямі:
— Раскажы, як было? Дзе пачало перш за ўсё сьвярбець? Паміж пальцаў?
— Паміж пальцаў, — адказваў пацыент.
— А пасьля? Ляжкі балелі, га?