Старонка:Taraskievic.Vybranaje.pdf/160

Гэта старонка не была вычытаная

«Горкае гора мне, Гектар! Для долі няшчаснай абое
мы нарадзіліся: ты у Прыямавым доме у Троі,
я ж там у Фівах пад Плакам, лілістай гарою
480. ў доме Гетыона, што гадаваў мяне бедную змалку,
сам ён смяротны, бяздольную. Лепей было б не радзіцца!
Ты ўжо адходзіш цяпер ад мяне у бяздонне к Аіду
і пакідаеш мяне у страшэнным у жалі, у горы
тут удавою ў пакоях. Яшчэ і сынок наш маленькі,
485. мы і яго нарадзілі на гора. Ні ты абаронай
сыну не будзеш, забіты, ні ён жа тваёю надзеяй.
Каб і застаўся жывы ад вайны многаслёзнай, ахейскай,
то заўсягды яго гора, і праца, і клопат чакаюць.
Межы суседзі яму зааруць, яго нівы захопяць.
490. Ў дзень бо сіроцтва свайго і прыяцеляў траціць сірота.
Ходзіць з апушчанай ён галавой, абціраючы слёзы.
A як падойдзе ў патрэбе к якому з дружыннікаў бацькі
і дакранецца плашча або нечыяй тунікі з просьбай,
сжаліцца іншы і крышачку чару прыхіліць малому,
495. так што ён губы памочыць, a смагі зусім не прагоніць;
іншы багаты, шчаслівы яго ад бяседы й прагоніць,
ўдарыць рукою ды йшчэ наругаціся словамі будзе:
«Вон убірайся! Не твой гэта бацька бяседуе з намі!»
Плачучы пойдзе да маці няшчаснай гаротны хлапчына.
500. Астыанакс, што калісь на каленях у мілага бацькі
еў толькі шпік і салодкае тучнае мяса авечак;
a калі спаць захацеў, замарыўшыся ў гульнях дзіцячых,
то засынаў у абдымках карміцелькі мілай салодка
ў мяккай пасцельцы, a сэрцам шчаслівы, цвітучы, як кветка.
505. Ну, a цяпер жа нацерпіцца гора, не маючы бацькі,
Астыанакс — Градаброн: так хлапца празывалі траянцы,
бо ты адзін бараніў у іх горад, муры і вароты.
Бедны! Цяпер ад радзімых далёка пры лайбах варожых
сточаць цябе чарвякі, як сабакі насыцяцца целам;
510. голага сточаць, калі у пакоях ляжыць ды не мала
тонкай харошай адзежы, рукамі жанчын панатканай.
Але ж цяпер загадаю я кінуць то ўсё ў вагонь у гаручы,
бо не патрэбна табе і ляжаці у ёй ты не будзеш,
хай жа згарыць тут на славу тваю між траян і траянак!»
515. Кажучы так, галасіла, a з ёй галасілі жанчыны.

Пераклаў з грэцкае мовы Браніслаў Тарашкевіч