дзела ў жылах. Нячыстае сумленне і страх падказвалі яму, што такія гутаркі пры ім вядуцца нездарма, што яго «мацаюць».
Ён адвёў Гека ў зацішны куток, каб пагаварыць з ім і хоць крыху супакоіць душу, даўшы волю языку і падзяліўшы такім чынам цяжкасць гора з другім пакутнікам. Апрача таго, ён хацеў пераканацца, ці ўмее Гек трымаць язык за зубамі.
— Гек, ты каму-небудзь казаў?
— Пра што?
— Сам ведаеш пра што.
— Вядома, не.
— Ні слова?
— Аніводнага славечка, праваліцца мне на гэтым мёсцы. Чаму ты пытаешся?
— Так сабе! Я баяўся.
— Ну, Том Соўэр, гэта ўжо будзе нікуды не варта, калі мы з табой прагаворымся: не выратаваць нам тады галавы. Ты-ж сам ведаеш.
Тому зрабілася лягчэй. Памаўчаўшы, ён спытаў:
— Гек, цябе-ж ніхто не можа прымусіць прагаварыцца, ці не так?
— Прымусіць мяне прагаварыцца? Ну, не! Можа толькі тады, калі мне захочацца, каб гэты д’ябал метыс мяне ўтапіў; тады, магчыма, я дазволю сабе прагаварыцца, — не іначай.
— Вось гэта добра! Я так думаю, што пакуль нашы языкі прывязаныя, нас ніхто не кране. А ўсё-ж такі давай зноў паклянемся маўчаць. Так вярней будзе.
— Згодзен.
І яны зноў далі клятву з адпаведнай урачыстасцю.
— А што гавораць, Гек? Каго падазраюць ў забойстве? Я столькі наслухаўся, што і не разбяруся.
— Што гавораць? Ды ўсё адно: Меф Потэр, Меф Потэр, Меф Потэр. Мяне нават у пот кідае, калі я гэта чую, — про-