— Гы-гы! Трапіў бычок на вяровачку!
Адказу не было. Том, як сапраўдны мастак, цешыўся з свайго апошняга мазка, потым яшчэ крыху мазануў і адкінуўся назад, каб паглядзець.
Бэн падвёў сваё судно бліжэй і стаў з ім борт-у-борт. Том аж сліну глынаў, гледзячы на яблык, але прыкінуўся, што нічога не бачыць, і старанна працаваў.
Нарэшце Бэн сказаў:
— Што, браток, засадзілі цябе за работу?
— Ах, гэта ты, Бэн? А я і не бачыў.
— Слухай, брат, я іду купацца, так! Пэўна, і табе хочацца, а? Але табе, відаць, прыдзецца працаваць. Ну, вядома, прыдзецца!
Том паглядзеў на яго і сказаў:
— Што ты завеш працай?
— А ці-ж гэта не праца?
Том зноў пачаў мазаць і сказаў нядбала:
— Можа так, а можа і не. У кожным разе яна пагусту Тому Соўэру.
— Ну, ну! Не будзеш-жа ты сцвярджаць, што гэта занятак табе падабаецца?
Пэнзаль захадзіў шпарчэй.