Яна прывяла іх у спальню і сказала:
— Цяпер памыйцеся і пераапраніцеся. Тут два новыя касцюмы, кашулі, панчохі — усё, што трэба. Гэта, уласна кажучы, для Гека… Не, не, Гек, не дзякуй: адзін купіла я, другі містэр Джонс, але яны падыходзяць вам абодвым. Апранайцеся-ж, а калі будзеце гатовы, прыходзьце ўніз, — мы вас чакаем.
Раздзел ХХХІІІ
— Том, — сказаў Гек, — мы можам уцячы праз акно, калі толькі знайсці вяроўку; тут вокны невысока ад зямлі.
— Што за глупства? Навошта нам уцякаць?
— Ну, ведаеш, я не прывык бываць у такім натоўпе. Я гэтага цярпець не магу. Не пайду я туды, Том.
— Глупства, нічога! А мне дык усёроўна. Я ніколечкі не баюся. Я і аб табе паклапачуся.
На парозе з’явіўся Сід.
— Том, цёця чакала цябе ўвесь час пасля абеду. Дзе ты быў? Мэры падрыхтавала табе святочны гарнітур; усё непакоілася, дзе ты. Што гэта ў цябе на адзенні — сала, гліна?
— Містэр Сід, раю вам займацца ўласнымі справамі і не соваць нос у чужыя. Але што гэта яны выдумалі? дзеля чаго?
— Ды проста ўдава наладжвае ў сябе свята, як яна гэта часам робіць. На гэты раз яна дае вячэру ў гонар валійца і яго сыноў за тое, што яны выратавалі яе з бяды тады ўначы. І ведаеце, што я вам скажу, — калі толькі, вядома, вы хочаце?
— Ну, што такое?
— А вось, што: стары містэр Джонс збіраецца сёння нечым усіх здзівіць, але я падслухаў іхні сакрэт, калі ён сёння расказваў яго цётцы, і думаю, што цяпер ужо гэта ні для каго не сакрэт. Усе ведаюць, нават і ўдава, хоць яна і прытвараецца, што не ведае. Вядома, містэру Джонсу