Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/21

Гэта старонка была вычытаная

ведаў, што ў душы цётка цяпер гатова цалаваць яго ногі, і гэта давала яму суровую асалоду. Ён парашыў не рабіць ніякіх крокаў да прымірэння і не звяртаць увагі на цётчыны забяганні. Ён ведаў, што час ад часу яна глядзіць на яго жаласнымі вачыма, затуманенымі слязмі, але не хацеў заўважаць гэтага. Ён уяўляў сабе, як ён ляжыць хворы, блізкі да смерці, а цётка схілілася над ім і чакае, каб ён сказаў, што даруе ёй; але ён паварочваецца тварам да сцяны і памірае, не сказаўшы ні слова. Як-жа ж ёй тады будзе? Ён уяўляў сабе, як яго прыносяць дадому мёртвага, выцягнутага з вады; валасы яго ўсе змоклі, яго бедныя рукі, складзеныя на грудзях, супакоіліся навекі, і яго хворае сэрца таксама. Як-жа ж яна тады кінецца на яго труп і будзе плакаць-галасіць над ім і маліць бога, каб ён вярнуў ёй яе хлопчыка, і што яна ніколі-ніколі болей не будзе крыўдзіць яго дарма! А ён будзе ляжаць бледны, халодны, нерухомы, — туга беднага маленькага пакутніка скончылася назаўсёды… Ён так расчуліў сябе гэтымі жаласнымі карцінамі, што ўвесь час у яго вачах плавала нейкая вільгаць, якая кацілася праз край, калі ён мігаў, цякла ўніз і капала з кончыка яго носа. Яму так прыемна было пеставаць сваё гора, што ён не мог цярпець каля сябе вясёлыя твары і смех.

Таму, калі ў пакой, падскокваючы, прыбегла яго кузіна Мэры, прынесшая з сабой вясёлыя песні і сонца? — ён, пануры і хмуры, вышаў з дому. Ён бадзяўся воддалі ад таварышоў, шукаючы ціхага месца, такога-ж сумнага, як яго сэрца.

Раздзел ІV

Раніца ў нядзелю была ціхая, ясная, сонца ярка ззяла. Пасля снедання Мэры падаравала Тому новенькі толькі што куплены ножык-складанчык, цаною ў дванаццаць з паловай цэнтаў[1], і Том аж зайшоўся ад захаплення. Ласка кузіны

  1. Цэнт — каля двух капеек.