Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/43

Гэта старонка была вычытаная

— Памятаю.

— Што-ж?

— Не скажу.

— Тады можа мне сказаць?

— Так, скажы… але толькі калі-небудзь у другі раз.

— Не, цяпер.

— Не, не трэба — лепш заўтра.

— Не, не, дяпер, Бэкі. Я ціханька, я шапну табе на вушка.

Бэкі не ведала, што сказаць, а Том палічыў яе маўчанне за згоду, прылажыў губы да самага яе вуха і паўтарыў гэтыя словы. Потым сказаў:

— Цяпер ты мне шапні тое-ж самае.

Яна доўга адмаўлялася, потым папрасіла:

— Адвярніся, каб не бачыць мяне, — тады скажу. Толькі ты нікому не расказвай, — чуеш, Том? — нікому, нікому! Добра?

— Не, не, я нікому не скажу, будзь спакойная. Ну, Бэкі!

Ён адвярнуў твар, і яна саромліва прашаптала:

— Я… вас… кахаю!

Потым ускочыла і пачала бегаць вакол парт, ратуючыся ад Тома, які ганяўся за ёй; потым зашылася ў кут і закрыла твар белым фартухом.

— Ну, Бэкі, — абвясціў Том, — цяпер усё ўжо скончана, — засталося толькі пацалавацца.

І ён цягнуў яе за фартух і за рукі.