Старонка:Tven.Pryhody Toma Souera.pdf/46

Гэта старонка была вычытаная

А што, калі ён зараз пойдзе, куды вочы глядзяць, таемна знікне для ўсіх? Што, калі ён пойдзе далёка-далёка, за мора, у невядомыя краі, з тым, каб ніколі ўжо не вяртацца? І як ёй тады будзе?..

Ён успомніў, як ён збіраўся зрабіцца клоунам, але цяпер гэтая думка была яму ўжо агіднай. Не, ён пойдзе ў салдаты і вернецца дадому праз многа гадоў, пакрыты ранамі і славай. Або, яшчэ лепш, пойдзе да індзейцаў, будзе паляваць з імі на буйвалаў, узбірацца па горных сцежках на непрыступныя кручы, бадзяцца па раўнінах далёкага Захаду, дзе няма ніякіх сцежак, і калі-небудзь вернецца дадому, вялікім правадыром, увесь у пер’ях, размалёваны, страшны, і сунецца адразу ў нядзельную школу ў сонную летнюю раніцу з ваяўнічым клічам, ад якога кроў стыне ў жылах. Вось вылупяць вочы ўсе таварышы! Вось будуць яму зайздросціць!

Але не, ён ведае нешта лепшае. Ён будзе яшчэ піратам, морскім разбойнікам! Вось яно што. Цяпер ён ясна бачыў перад сабой сваю будучыню, асвятлёную неапісальнай славай. Яго слава будзе грымець па ўсім свеце; ад яго імя будуць дрыжаць народы! Як горда будзе ён насіцца па бурных морах, уздымаючы хвалі сваім даўгім чорным караблём — «Дух Буры», з чорным флагам на высокай мачце! І, дасягнуўшы вяршыні сваёй славы, ён раптам з’явіцца ў родным гарадку, у царкве, увесь чорны, загарэлы, засівераны, у чорнай аксамітнай камізэльцы і такіх самых штанах, у высокіх батфортах, з чырвонай перавязкай цераз плячо; за поясам пісталеты, нож, заржавелы ад пралітай крыві, на галаве мяккі капялюш з пышнымі пер’ямі, у руцэ чорны флаг, а па ім вышыты чэрап і скрыжаваныя косці. І ўсе ў захапленні будуць шаптаць: «Гэта Том Соўэр, пірат, чорны мсцівец іспанскіх мораў!» Так, гэта вырашана! Шлях яго выбраны.Ён заўтра-ж уцячэ з дому. А каб быць гатовым да раніцы, трэба пачаць зборы зараз-жа. Паглядзім, што ў яго ёсць.

Недалёка быў гнілы пень. Том падышоў да яго і пачаў капаць каля яго сваім ножыкам. Хутка па гуку ён распа-