Старонка:Vacłaŭ Łastoŭski. Padručny rasijska-kryŭski (bełaruski) słoŭnik (1924).pdf/10

Гэта старонка была вычытаная

слаўнымі ці уніятамі, як ён сам, — дагэтуль народ наш называе сябе Літвінамі (прыкл. у Чарнігаўшчыне, ў усх. Могілёўшчыне і Смаленшчыне).

Трэці пэрыёд, які пачаўся ад уніі з Польшчай ў 1386 годзе і быў перарваны падзелам Польшчы, кіраваўся да ператварэньня нашага народу ў палякаў. На нашае шчасьце, „народам“ лічылася ў тыя часы толькі шляхта, дык і гэты гістарычны працэс меў уплыў не на ўвесь народ, а толькі адзіна шляхэцкі стан, які пераходзячы праз каталіцтва, прыймаў лаціна-польскую культуру. Гэты пэрыёд у гісторыі нашага баярства, — якое было добрымі патрыётамі літоўскімі (у значэньні дзяржаўным), а па культуры і веры мела сябе за палякаў, — адзначыўся разьдзелам народных мас з яго гістарычнымі вярхамі, і, слушна можа быць названы Літоўска-Польскім.

Прыходзіць урэшце расійскае панаваньне, і наступае чацьверты пэрыёд расійска-беларускі. З прыходам расійскай ўлады ўцісканае пад Польшчай праваслаўнае духавенства, пагалоўна перакідаецца ў маскоўскі абоз, парываючы ўсякую зьвязь з народам; за духавенствам ідзе праваслаўная шляхта, якая яшчэ была застаўшыся ад разгрому пад Польшчай. Падае, працавіта створаная Польшчай, унія. І, ў выніку, ад народу адпадаюць рэшта грамадзкіх вярхоў, тонучы ў расійскай вялікадзяржаўнасьці і называючы сябе, без ўсякіх засьцярог, „рускими“, праз два „с“. Гэты пэрыёд замацаваў яшчэ адно найменьне—Беларусы.

Гэтак вярхі нашага націянальнага дрэва, пэрыёд за пэрыёдам, засыхалі і адпадалі ад народнага пня.