Старонка:Vacłaŭ Łastoŭski. Padručny rasijska-kryŭski (bełaruski) słoŭnik (1924).pdf/3

Гэта старонка была вычытаная

для духавенства, якое старалася зацерці ўсякую памяць ў народзе аб яго даўным да хрысьціянскім жыцьці, аб яго папярэднім „паганскім“, знача нячыстым, сьветаглядзе. А гэты „нячысты“ сьветагляд прабіваўся з кожнага слова народнага, згэтуль той разьдзел паміж мовай народнай і кніжнай.

Дзяржаўная ўлада і царква з яе „сьвятой“ граматнасьцю ішлі рука ў руку, ўзаемна падпіраючыся.

Узгадаванае на візантыйскім дэспотызме хрысьціянства акружала пануючых блескам; пануючыя, наўзаем, акружалі духавенства дабрабытам. Чужая народу мова царквы сталася мовай і ўраду. І толькі, калі ў саміx пануючых клясах была ўтрачана зьвязь мовы са старымі „нячыстымі“ традыціямі, пачынае народны элемэнт пранікаць ў кнігy, якая ў першых пачатках была толькі рэлігійнага зьместу. Вось чым тлумачыцца той страшэнны консэрватызм царквы і сьляпое трыманьнеся ею чужой мовы. Але ў даўныя часы гэты консэрватызм меў прынамні апраўданьне ў боязьні, што народ можа зьвярнуцца да старых паняцьцяў, цяперашні-ж, пад гэтым узглядам консэрватызм царквы, гаворыць толькі адно, што яна зьяўляецца слугой адзіна сільных гэтага сьвету.

Гэткім чынам, мова граматнасьці, ў самых першых пачатках, сарвала ў нас лучнасьць з мовай народнай. Тысячалетняе панаваньне царкоўнай славяншчыны, вытваранай на грунце баўгарскай мовы і прасычанай візантыйскімі паняцьцямі, палажыла глыбокі сьлед. Яна, асобную мову крыўскага племя, зблізіла з мовамі іншых усходне-славянскіх плямён. Асымілятарскі тысячалетні ўплыў баўгаршчыны значна аддаліў нашу мову ад яе першапачатковых форм і занячысьціў нескладнымі, чужымі духу і традыціям нашага народа словамі.