Стараста. Вы чулі, грамада: усенародна абвешчана збірацца на вайну. Вы чулі, што казаў мне земскі і чым ён пагражаў. Дык вось, браткі запасныя, збірайцеся барджэй, бо сёння-ж усе мусіце быць у воласці.
Патап Думака. Вайна... Ну што-ж, ваяваць, дык ваяваць, але каб ад гэтай вайны не было часам горача ці холадна каму.
1 голас з натоўпу. А з кім вайна?
2 голас. Завошта?
3 голас. З якім там чортам ваяваць?
Стараста. (па-начальніцку). Не наша дзела разважаць, з кім ды за што, бо гэта разважанне можа скончыцца вельмі дрэнна.
Наста (занепакоеная падбягае да Міхася). Міхаська, міленькі! І цябе пагоняць на вайну.
Міхась. А што-ж у зубы паглядзяць мне? Не вышлі яшчэ мае гады, далёка да сарака.
Бабка Тацяна (галосіць). А мой-жа ты, сыночак! А мой-жа ты, саколік. На каго-ж ты нас пакідаеш?
Дзед Мікіта. Ціха ты, чуй, дурань-браце! Разгаласілася! Памогуць тут твае прычытанні, як кашаль, хваробе.
Бухрай. А земскі начальнік праўду казаў, хлопцы. Трэба ваяваць. Трэба бараніць нашу зямлю раз на яе замахі робяць ворагі.
Гузыр. О, белабілетнікі-ваякі! А чым я здаравейшы за цябе?
Патап. Ды яму і бараніць ёсць што. Гаспадарка - дзякаваць богу.
Бухрай. А ты чаму не прыдбаў гаспадаркі? Хлеба лёгкага шукаеш. Па свеце валочышся, забастоўшчык.
Галасы жанчын. А божа-ж мой, божа. Ды куды-ж вас гоняць? Ды куды-ж вас забіраюць?
Стараста. Сціхніце! Ціха! бацюшка сказаць штось мае.
Поп. Брацце і сёстры! Вялік гасподзь у гневе справядлівым, і міласці яго несць меры і канца... Не зведаны гасподнія пуціны, і не відна нам яго караючая дзясніца. Будзьце-ж цвёрды, надзейцеся на міласць божжу, памятаючы, што і ў кары сваёй - вайна-ж ёсць біч той кары - яўляе нам гасподзь сваю міласць, бо не да канца прагневаўся на нас і не адхіліў яшчэ ад нас ён свайго твара. Хто меч падняў, і згіне ад мяча. Нямецкае войска збіраецца на нашай граніцы, і ў кожны міг агонь вайны гатоў закінуцца і ў нашу дзяржаву. Высока-ж узніміце караючую дзясніцу. З малітваю, з надзеяю святою ідзіце вы на суд гасподзен, бо хто вялі, як ён, наш бог? Памолімся, браце. (Падымае вочы на неба.) Ты ёсць наш бог і творыш ты дзівоты. Яві ты нам міласць абранаму табою памазаніку твайму. (Глядзіць на Алеся і Патапа.) Маланкаю і громам паразі яго адступнікаў і супастатаў. Прыхілі вуха да праваслаўнага свайго народу... Разумейце ўсе языцы і пакарайцеся, яко з намі бог.