Старонка:Vajna vajne 1938.pdf/7

Гэта старонка была вычытаная

4 Алесь. Не, не: не хачу рызыкаваць.

 (Смяюцца, праходзяць.).

Аслаў (да дзеда Мікіты, ківаючы галавой у іх бок, заікаючыся). Ш-ш-шпацыруюць настаўнік і настаўніца.

Дзед Мікіта. А што ім рабіць, чуй, дурань-браце. Маладыя.

 (На вуліцы паказваецца жанчына з сярпом, перавязаным анучкаю, і са збанком на восілцы ў руках. Ідзе борзда, спяшаецца. Аслаў расстаўляе рукі, як-бы хоча злавіць яе, перагароджвае дарогу.).

Аслаў (расставіўшы рукі, заікаючыся). І-і-і не пушчу. (Тэкля кідаецца ў другі бок, каб абыйсці Аслава. Аслаў зноў пераймае.) Сказаў — н-не ппушчу, і-і-нне ппушчу.

Тэкля (не прымаючы жартаў). Ды кінь. Няма калі жартаваць!

Аслаў. Не, нне ппушчу!.. Ччаму ты нне сказала мне «дзень добры?»

Тэкля. Ну, дзень добры, няхай ты недажджы.

Аслаў (не апускаючы рук). А-а-а цяпер ужо позна… Сскажы, куды ідзеш? (Тэкля злосна плюе, парываецца ў другі бок. Аслаў загараджвае дарогу.) Б-б-брэшаш, Тэкля, і-і-і нне ппушчу!

Тэкля (злосна). А бадай табе, Аслаўка, вочы загарадзіла, як загарадзіў ты мне дарогу. Вось вар’ят чалавек, зусім ужо здзяцінеў.

Аслаў. Сскажы, куды ідзеш, тады ппушчу.

Тэкля. Аслаўка, родненькі! Пусці-ж ты мяне — не да жартаў мне: жыта асыпаецца на полі. І так выбралася позна.

Аслаў (апускае рукі). Ччаму-ж ты адразу так не сказала? А то і сабе ччас зводзіць і ад мяне адбірае… Ну, ідзі сабе.

 (Тэкля борзда ідзе далей.).

Дзед Мікіта. Ха-ха-ха! Чуй, дурань-браце: стары ўжо ты чалавек, а ўсё дзівацтва не кідаеш. Ха-ха-ха! Жанчына ледзь са скуры не выскачыць, на поле бяжыць, а ён запыняе.

Аслаў. А хто-ж іх і розуму навучыць, калі не я?.. Ты, вось, глядзі, Мікіта: замест таго, каб ісці проста і зразу сказаць, куды ідзе, яна пачынае блытацца, перашкоды абмінуць хоча.

Дзед Мікіта. Да як-жа ёй, чуй, дурань-браце, і не абмінаць, калі на дарозе вось такі пень стаіць.

Аслаў. А ты ўмей цераз пень пераскочыць латвей.

 (Уваходзіць Патап. Ён коціць кола.).

Патап. Дзень добры, дзядзькі!