Старонка:Viern.Dzieci kapitana Granta.djvu/4

Гэта старонка не была вычытаная

Частка першая

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

Молат-рыба

Дваццаць шастога ліпеня 1864 года пры свежым норд-осце па водах паўночнага канала шпарка імчалася цудоўная яхта. На верхавінцы яе бізані развяваўся англійскі флаг, а на грот-мачце быў відаць брэйд-вымпел[1] з вышытымі золатам ініцыяламі «Э. Г.».

Яхта гэта мела назву «Дункан». Яна належала Эдуарду Гленарвану, ганароваму члену вядомага ўсяму Злучанаму каралеўству[2] Темзінскага яхт-клуба. На барту яхты знаходзіліся: сам гаспадар яхты, яго маладая жонка, Элен Гленарван, і стрыечны брат — маёр Мак-Набс.

Толькі што спушчаны са стапеляў верфі, «Дункан» заканчваў пробную паездку па Клайдскаму заліву і цяпер варочаўся ў свой порт — Глазго. На гарызонце ўжо вырысоўваўся сілуэт вострава Арэна, калі вахценны матрос далажыў, што за кармой плыве нейкая вялікая рыба. Капітан Джон Мангльс адразу сказаў аб гэтым гаспадару яхты.

Падняўшыся на палубу разам з маёрам Мак-Набсам, Гленарван запытаў у капітана, што гэта за рыба.

— Я думаю, што гэта вялікая акула, сэр.

— Акула ў гэтых водах? — недаверліва ўсклікнуў Гленарван.

— Так. У гэтым няма нічога дзіўнага, — пацвердзіў капітан. — Гэтая акула належыць да віду, які сустракаецца ва ўсіх морах і пад усімі шыротамі. Гэта молат-рыба. Калі вы дазволіце, мы паспрабуем злавіць яе; гэта забавіць місіс Гленарван і вырашыць нашы сумненні.

— Якая ваша думка, дарагі Мак-Набс? — запытаў Гленарван. — Ці варта займацца гэтай лоўляй?

  1. Брэйд-вымпел — узкі, доўкі, раздвоены на канцы сцяг.
  2. Злучанае каралеўства Вялікабрытанія.