Проста не хацелася нават і паварушыцца. Але нярухомасьць цела прышлося ўсё-ж такі парушыць: чуваць было, як ціснулі аборы, уядаючыся ў яго стомленыя, ацёкцыя ад хады ногі. Раман прысеў, каб разуцца.
Павольна, не сьпяшаючыся, разьвязаў ён аборкі, зьняў з ног цяжкія вяровачныя лапці, якія чамусь называліся "керанскімі", вытрас з іх чорныя грудкі зямлі і шпурнуў на сонца прасушыцца. Цяпер было зусім добра, вольна.
Рамана марыў сон. Ён глянуў на каня санлівымі вачамі, як-бы штось разважаючы. Конік весела згрызаў маладую пахучую траўку і громка пырхаў.
- Здароў, малы, - адказаў Раман на гэтае пырханьне і лёг сьпіною на зялёны дзірван, выцягнуўшыся ва ўсю даўжыню свайго здаравецкага цела.
Ён заплюшчыў вочы і ўжо пачынаў драмаць. Як нейкія цені, у галаве яго прасунуліся ўспаміны, вобразы даўно перабытых часоў. Прасунуліся і зьніклі.
- Гу-у-ур-р!
Дзесь далёка, як-бы з-за зямлі да вушэй Рамана данёсься нейкі глухі гром.
- Няўжо ўстае хмара і зьбіраецца дождж? - падумалася Раману.