Старонка:Vybranyja tvory 1927.pdf/11

Гэта старонка не была вычытаная

Выбраныя месцы з творчасьці Якуба Коласа.

З ранейшых вершаў.

На новы год. (1907)

З новым годам, шчасьцем новым!
Дай-жа, Божа, гэты год
Каб успомніў шчырым словам
Працавіты ўвесь народ!

Каб больш сьлёзы ня ліліся,
Каб ня падаў чалавек,
Каб астрогі запярліся
Ад людзей на вечны век.

Каб казалі, што хацелі,
Каб ня гнулісь, як цяпер,
Каб са страхам не глядзелі
На вураднікаў каўнер.

Каб пабольшала нам поле,
Каб разросься вузкі луг,
Каб сьпявалі песьні волі,
Дзяржучы жалезны плуг.

Дай Бог шчасьця вам і долю,
Усім, хто сьлёзы праліваў,
Хто у бедным, родным полі
Зерне праўды засяваў!

"Асадзі назад!"

Дрэнна маё жыцьце -
Усё ідзе ня ў лад;
І крычаць усюды:
"Асадзі назад!"