Старонка:Vybranyja tvory 1927.pdf/6

Гэта старонка не была вычытаная

у рады барацьбітаў за беларускую народную школу, прыняў чыннае ўчасьце ў беларускім адраджэнскім руху.

Пад той час (у канцы 1906 году) ў Вільні ўжо пачала выхадзіць першая беларуская легальная часопісь "Наша Доля". І Міцкевіч, які ўжо пазнаёміўся быў з беларускім рухам праз дзеяльнасьць Беларускае Рэвалюцыйнае (пасьля - Сацыялістычнае) Грамады, зразу ж адгукнуўся на заклік Рэдакцыі газэты да працы, распачаў перапіску з ёю і ў №3 "Н. Д." надрукаваў свой верш "Беларусам" - першы, які пабачыў сьвет у друку. Верш гэты, дужа характэрны для настрояў маладога паэта, падаем цалком:

Ўстаньце, хлопцы, ўстаньце браткі,
Устань ты, наша старана!
Ўжо глядзіць к нам на палаткі
Жыцьця новага вясна!
Ці-ж мы, хлопцы, рук ня маем?
Ці нам сілы бог ня даў?
Ці над родным нашым краем
Луч свабоды ня блішчаў?
Выйдзем разам да работы,
Дружна станем, як сьцяна. -
І прачхнецца ад дрымоты
З намі наша старана!

Чалавек, які мог кідаць гэткі моцны заклік, пісаў не на вецер, не дзеля мімалётнага настрою. Крэпкі быў дух барацьбяны ў Якуба Коласа (як сябе Міцкевіч назваў, каб укрыць ад улады "праступную" на яе пагляд сваю паэтыцкую працу), дык ад слоў зразу-ж перайшоў да дзела. Захоплены рэвалюцыйным рухам 1905-6 гадоў, Колас, аднак, на першым месцы стаўляе барацьбу за духовае вызваленьне беларуса - перадусім праз родную школу. Ён прыймае ўчасьце ў першым беларускім настаўніцкім зьезьдзе, скліканым Грамадой у Вільні ўлетку 1906 году[1]. Сьледам за гэтым ён арганізуе з сваіх мікалаеўскіх сяброў патайны "Беларускі Саюз Народных Вучыцялёў", які ў сваей праграме ясна паставіў дамаганьне беларускае народнае школы. Але арганізацыі не пашэньціла: яна была выкрыта паліцыяй, і Міцкевіч разам з некалькімі другімі сябрамі арганізацыі быў засуджаны менскім акружным судом на тры гады вастрогу, дый кару адбыў у менскім вастрозе.

Грамадзкая праца і дазнаныя беды ня толькі не забіваюць у Коласа "іскры божае", але, наадварот, пабуджаюць яго ісьці няўхільна далей па шляху паэтыцкае творчасьці. За кратай у песьняра выліваецца цэлы рад цудоўных яго "вастрожных песьняў", перадаваных на волю і перасыланых

  1. Зьезд гэны, ведама-ж нелегальны, адбыўся ў салі пры літоўскім касьцеле сьв. Міхала, гасьцінна-дадзенай на гэта літвінамі.